"Понять, что люди безнадежно гнусны – это одна сторона медали, причем, светлая; другая сторона, потемнее: предстоит смириться с тем, что среди них надо жить".

Анатолий Андреев, "Маргинал"
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»ЛіМаразм»

Унікальная кніга

17/09/2016 в 10:09 Міхась ЮЖЫК метки не заданы


Осёл не замечал и матерился,
и драться лез уже к лосям сохатым…
Но подошел Медведь-механизатор,
вклепал – и наш герой с копыт свалился.
Юрий Юлов(Нераток)

 

З некаторых пор Уладзімір Саламаха стаў крытыкам. Прынамсі ў гэтай рубрыцы “Полымя” выходзяць яго артыкулы. Так і нумар 7 года 2016 ад Н.Хр. парадаваў рэцэнзіяй Саламахі на публіцыстычную кнігу Зіновія Прыгодзіча.


Па чароўным супадзенні Саламаха заўсёды піша пра людзей вядомых, важкіх, дзяржаўных. Вось і Зіновій Прыгодзіч – сталы аўтар холдынгу, а самае значнае – галоўны рэдактар часопіса “Родная прырода”. Прынамсі так яшчэ нядаўна было.


І крытык натхніўся дзяржаўнай кнігай дзяржаўнага чалавека.

Акрамя размовы пра змест, дзе ўласна крытыкі ані слова, а ўсё дыфірамбы, Уладзімір Саламаха пускаецца ў бессэнсоўнае нязвязнае гаварэнне. Напрыклад:

Вядома, калі масавая, камерцыйная, дык яна і жыве па рыначных законах. І калі ў нас яе «продвигают» самі прыватвыдаўцы — у асноўным, ці амаль цалкам, яна імі выдаецца — і аўтары. Апошнія ходзяць і раздаюць свае кнігі знаёмым і родзічам, пакідаючы аўтографы з рознымі пажаданнямі, і адчуваюць сябе геніяльнымі празаікамі і паэтамі. А часам і спрабуюць прадаваць, і нават прадаюць…

Або:

А так званая высокая — дык гэта літаратура сапраўдных пісьменнікаў. І хоць іх у нас шмат, на жаль, па розных прычынах некаторыя рэдка выдаюцца: і не іх у тым віна... Такая літаратура ў асноўным выходзіць у дзяржаўных выдавецтвах, дзе, як бы там ні было, існуе адбор рукапісаў, дзе захавалася прафесійная рэдактура, школа і традыцыі папярэднікаў. (Заўважу адразу, каб, як кажуць, зняць пытанне: эксперымент разумны і пісьменны, асабліва маладых, падтрымліваецца і вітаецца! Творчы эксперымент і бязглуздзіца — рэчы зусім розныя.)

То бок Каста – чыноўнікі, сакратары СПБ і рэдактары – захапілі ўсю друкаваную плошчу дзяржаўных выданняў ды яшчэ і насміхаюцца з аўтараў, якіх самі ж адтуль выперлі: ваша літаратура дзярмо, а сапраўдная літаратура – толькі наша, бо пазначана шыльдай “дзяржаўная”.

Гэта верх нахабства, скажам па шчырасці. І такое магчыма толькі пры адчуванні сваёй поўнай беспакаранасці, самаўпэўненасці перад Гісторыяй. Аднак якраз самаўпэўненасці гэтай Саламаху павінна дужа бракаваць, зважаючы, з якой хуткасцю знікае інтарэс у незалежнай Беларусі да народных пісьменнікаў БССР. І павінен гэта крытык экстрапаляваць на сябе – ужо яго дакладна забудуць у тую ж секунду, як страціць пазіцыі ў холдынгу.


А між тым гаворыць Саламаха, нібы на вякі… Трапячыце, Арыстоцель і Кант!

Мы паспрачаліся б з “крытыкам”, ды няма асабліва пра што.


Бо якраз у часопісе “Полымя” мы не выявілі за два гады існавання рубрыкі ніводнага таленавітага паэта. У “Маладосці”, “ЛіМе”, “Дзеяслове” рэдка, але такія з’яўляліся. Кандратаў, Мінкін, Дранько-Майсюк, Настасся Нарэйка, Віктар Каско – на жаль (а можа, на шчасце) не аўтары “Полымя”.


А вось Віктар Шніп, які сам па сабе – твар дзяржаўнага друку (“сапраўдны пісьменнік”), што павінен паводле “крытыка” Саламахі аднымі шэдэўрамі чытача заваліць – такую лухту часам нясе, што жудасна за нацыянальную літаратуру становіцца. І ўсё гэта не галаслоўна прамоўленае, як у Саламахі, а скрупулёзна даказана літаратурнай аналітыкай у артыкулах рубрыкі.


Закрытая, нячулая да крытыкі і пазбаўленая сувязі з народам сістэма блажэе. І гэта сталася з “Полымем” апошніх чатырох гадоў, калі адтуль выцеснілі рэшткі таленавітых аўтараў, каб Пазнякову і яшчэ некаторым не выглядаць на іх фоне нягегліцамі. (Дзіву даешся, як вокамгненна спляжылі 90-гадовую працу сваіх папярэднікаў.)

Аднак Саламаха не перастае куражыцца з недзяржаўных пісьменнікаў:

Трэцяе поле, сецевая (правільна – сецевае, – М.Ю.), дзе сам сабе і аўтар, часта і адзіны свой чытач, і сам сабе надта ж «удумлівы» крытык…

Атрымліваецца, праўда, наадварот: рэдакцыя “Полымя” сама сабе і аўтар, і чытач і ацэншчык. 100 чалавек індывідуальных падпісчыкаў мае дзяржаўны часопіс, тады як на блогу прыватным Южыка іх 1000(тысяча) у месяц.


Дакаціліся, адным словам. Да-публікаваліся і да-крытыкаваліся самі сябе.

А вось з чаго пачынаў Саламаха гэты глыбакадумны артыкул (другі абзац):

Так, «Постаці…» — унікальнае выданне, якое мае вялікую выхаваўчую, адукацыйную, і нават вучэбную ролю для самай рознай катэгорыі чытачоў. Калі засяродзіцца на апошнім, дык яно сапраўды па праву з’яўляцца, як адзначалася, напрыклад, у невялікай прадмове Алеся Карлюкевіча да першай кнігі, маўляў, «варты ўвагі студэнтаў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта самы сур’ёзны падручнік». Замоўчваецца? Хай будзе і так… Але гэта ніякім чынам не ўздзейнічае на вартасць ужо не адной, а дзвюх кніг З. Прыгодзіча: другая — «Постаці: сэрца мільёнаў падслухаць біцця…»*, і вось ужо выйшла трэцяя. Безумоўна, яна таксама будзе па-сапраўднаму ацэнена. Спадзяёмся, што будзе чацвёртая і пятая, і… — бо тых, з кім можна і трэба весці дыялогі пра наша жыццё, мінулае, сённяшняе і будучае, сапраўдных патрыётаў Айчыны ў нас безліч.

Трэцяя кніга. І яшчэ будуць (бюджэтныя грошы). Бо яна ўнікальная, таму што ўнікальная. А яшчэ таму, што так сказаў кіраўнік холдынгу Алесь Карлюкевіч. І заткніце ўсе зяпы, бо ёсць на гэтую кнігу і ўнікальны крытык Саламаха.


Пацешна, што тая публіцыстычная кніга не ёсць фактам мастацкай літаратуры, а таму на яе б і не зважыў ніхто. Але Саламаха абараняе і ўзносіць яе так, нібы чалавек 100 крытыкаў прачыталі яе і абрынуліся з заўвагамі.


Поўнае выпадзенне з рэальнасці.

Такім чынам, мы маем справу з двайным падманам: артыкул не крытычны, а хваласпеўны, аднак нахрапам запхнуты ў раздзел “крытыка”; а другое – сапраўдныя пісьменнікі (дзяржаўныя), на паверку ёсць зусім не сапраўднымі.


Адно цікава: ці скіне айчынная літаратура хоць некалі з сябе горб у выглядзе разнамасных кіраўнікоў і наглядчыкаў ды зажыве вольна, як любая літаратура ў краінах хрысціянскага свету?

 

Міхась Южык, ЛіМаразм-258

Оставить комментарий (0)
Система Orphus

Нас считают

Откуда вы

free counters
©2012-2016 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.