Ранней старости одиночество – затянувшийся холод весны.
Что-то хочется и не можется, – вот покоя бы, тишины…
Ночь приходит – заходит без стука. Заходи! Вдруг вдвоем веселей?
Что ломаешься, старая сука, – не напьешься всё крови моей?..

Валерий ГРИШКОВЕЦ, «Ночь одиночества».
Вы тут: Главная»Рубрики»Литература»КритикаІІ»

Утапічная ідэя выхавання Правадыра. Аб рамане Валерыя Гапеева «Ноч цмока»

01/12/2016 в 15:12 Алесь Новікаў беларуская літаратура

(РУС)
 

Вядомы беларускі пісьменнік Валерый Гапееў працягвае радаваць сваіх прыхільнікаў. У выдавецтве «Галіяфы» выйшаў яго новы раман «Ноч цмока». Валерый упэўнена і паспяхова асвойвае містычны жанр з матрыцай нашай рэальнасці.

 

Валерый Гапееў, аўтограф-сесія. Фота: А.Новікаў

 

Раней выйшаў яго раман «Праклён». Пра яго досыць высока адгукнуліся крытыкі. Меркаванне Максіма Кавальскага можна лічыць агульным:

 

«Праклён» – моцны класічны раман з няспешным рытмам і працяглымі дыялогамі. Вуснамі сваіх герояў Гапееў крытычна ацэньвае сучаснікаў – нацыю «недарэкаў, гультаёў і баязліўцаў»… Выкляты народ… Сучаснасць для Гапеева з’яўляецца арэнай змагання паміж святлом і цемрай.

 

Я магу параўноўваць, паколькі ўважліва прачытаў абодва рамана. Несумненна, «Ноч цмока» – гэта крок аўтара наперад. Прыкметна вырасла майстэрства пісьменніка, што выяўляецца ў больш кампактным паданні шматлікіх падзей без страты нават дробных іх дэталяў. Пры гэтым, няма ні аднаго недастаткова выпісанага героя. Падобных твораў не багата ў сучаснай беларускай літаратуры.

 

Цікава, што мова твора максімальна набліжана да рэальнасці. Такое я сустракаў у А.Бахаревіча, В.Марціновіча і С.Плескача, які нядаўна ўдала дэбютаваў у беларускай літаратуры. Мова твора шмат значыць: прыгладжаная, нерэальная мова адштурхвае.

 

Галоўны герой рамана – малады следчы раённай пракуратуры Васіль Шайбак. Пачну з выдатнага апісання гарадка, куды быў накіраваны на працу Васіль. Тут ужо відаць майстэрства пісьменніка.

 

Яшчэ мяне прывабіў правінцыйны гарадок сваім адчуваннем прасторы. Тут няма старых вуліц жыдоўскай забудовы, дзе дарогу шырынёй толькі каб аўто праціснуцца падпіраюць сцены дамоў, і ты ідзеш міма акон, бы які злодзей – на адлегласці выцягнутай рукі ад пакрытых пылам шыбаў. Вуліцы прыватнай забудовы ў райцэнтры шырокія, ад краю дарогі да хат – добры дзясятак метраў. Няма ў гарадку і сучасных вышэзных дамоў, вузкіх двароў. Тут самы высокі шматпавярховік – на пяць паверхаў, двары проста велічэзныя, у сталіцы на такой плошчы яшчэ б тры-чатыры гмахі ўціснулі. I таму тут прывольна. Нават аўтамабілям хапае месца. Праз самы кароткі час пасля мінскай таўкатні і даўкі да цябе вяртаецца адчуванне тваёй асабістай прасторы, амаль фізічнае адчуванне, і людзі вакол таксама заўважаюць яе. Тут усе быццам маюць асаблівы зрок, бачаць воблака твайго працягу вакол цябе. I нават калі падыходзяць на вуліцы, спыніўшы, – не парушаюць, не разрываюць гвалтам нябачную тваю абалонку і берагуць сваю. I ты таксама не лезеш нахабам у чужы свет, нават калі перад табой твой сябар.

 

Цудоўна. Я не аднойчы сустракаў падобныя забудовы з вузкімі завулкамі, але ніколі не ведаў, што гэта габрэйскі стыль.

 

Маладому следчаму прыходзіцца ўдзельнічаць у высвятленні абставінаў дзіўнага забойства, якія мяжуюць з містыкай: труп голай маладой жанчыны – Насці Грыцук – знаходзяць пасярод поля, якое за дзень да забойства пабаранавалі. Поле выглядае быццам памежная паласа, але слядоў да цела забітай няма ніякіх. Высвятляецца, што жанчына за некалькі дзён перад забойствам нарадзіла дзіця.

 

Скрупулёзна разбіраючыся ў справе, следчы выходзіць на нейкую рытуальную групу. І вось тут ужо пачынаецца сапраўдная містыка, у якую не хоча верыць начальнік маладога спецыяліста Тамара.

 

Дзівіць, наколькі пісьменнік добра знаёмы з метадамі працы раённай пракуратуры і атмасферай ўзаемаадносін у ёй. Аўтар знаёміць з няпростымі лёсамі пракурорскіх работнікаў. Многае расказана аб Тамары, саракапяцігадовай развадной жанчыне.

 

Уся сухаватая, з тонкімі кісцямі рук, са схуднелым тварам Тамара нагадвала драпежную птушку. І цяпер я міжволі ўзгадаў гэтае параўнанне: Тамара схіліла галаву над заключэннем медэкспарта, і здавалася, яна не чытать яго ўзяла, а вышуківаць штосьці карыснае, ядомае, прыдатнае…

 

У рэшце рэшт, высвятляецца, што група асоб, якой кіруе вучоны з Мінска Алесь Федарук, шляхам дзіўнага містычнага рытуалу, абрала Насцю Грыцук ў якасці кантэйнера для вырошчвання ... прэзідэнта краіны.

 

На першы погляд здаецца, што ў рамане маецца палітычная лінія. Аўтар у сваім творы падводзіць чытача да ідэі менавіта выхавання кіраўніка, да немагчымасці атрымання лідэра з шэрай масы. Курыца не можа знесці залатое яйка ў рэальнасці. Яна такая, якая ёсць.

 

І далей варта нечаканы вывад – толькі грамадзянская супольнасць здольна падрыхтаваць для сябе неабходнага правадыра. А такога грамадства ў нас няма. Зноў мы падышлі да палітычных матываў.

 

Тым не менш, з аўтарам нельга не пагадзіцца. Лічу, што размова пра палітыку, палітычныя, грамадскія падзеі – гэта не палітыка. Кожны чалавек мае права разважаць аб важным для яго і грамадства. Няма ніякага сумневу, што адсутнасць грамадзянскай супольнасці, грамадскага кантролю над чыноўнікамі, і народнымі выбраннікамі ні да чаго добрага не прыводзіць.

 

У рамане прысутнічаюць вельмі каларытныя героі са сваімі складанымі лёсамі. Аўтар проста захапляе іх апісаннем і ад кнігі не адарвацца: цяжка расставацца з героямі на паўшляху пранікнення ў іх жыццё.

 

Да глыбіні душы кранае няпросты лёс Надзеі, маладой адзінокай жанчыны, якой усё ж наканавана набыць шчасце з Васілём. Прыцягваюць увагу развагі жанчыны і яе лад жыцця. У гэтай сувязі, гераіні, напрыклад, твораў Людмілы Кебіч, здаюцца пустышкамі, у галавах якіх толькі мужыкі. Наогул, жанчыны ў рамане амаль усе разведзеныя. Гэта, нажаль, рэальнасць.

 

Другарадныя героі, напрыклад, як участковы міліцыянт Тумар, таксама прыцягваюць увагу.

 

Перад чытаннем кнігі, я пачуў меркаванне ад адной вядомай паэткі – шмат сэксу. Гэта памылковая выснова. Як раз сэксу ў кнізе няма. Ёсць цудоўнае апісанне пасцельных сцэн. Гэта да сэксу не адносіцца. Але яго атмасферу, паводзіны партнёраў, іх адчуванні аўтар апісаў проста цудоўна. Няма нават намёку на пошласць, як ва Уладзіміра Някляева, напрыклад, а што яшчэ горш – у Анатоля Андрэева.

 

Раман «Ноч цмока» вывеў аўтара на новы ўзровень. Упэўнены, што гэты годны твор з'яўляецца упрыгажэннем беларускай літаратуры. Калі аўтар вызваліцца ад палітычных элементаў у сюжэтах, то ён, несумненна, стане вядучым пісьменнікам містычнага напрамку.

 

Алесь Новікаў

Оставить комментарий (7)

Поделиться в соц.сетях:

Система Orphus

Нас считают

Рейтинг@Mail.ru

Откуда вы

free counters
©2012-2019 «ЛитКритика.by». Все права защищены. При использовании материалов гиперссылка на сайт обязательна.