Пра няёмкасць двухкрэславага сядзення
Перад артыкулам я змясціў дзве фотакарткі Мікалая Баскава, “караля” расейскай эстрады. Цяпер гэта зусім нескладана зрабіць.
І прашу чытача толькі аднаго: параўнаць другі здымак, калі Міколку 17 гадоў таму прывялі на шырокую сцэну, са здымкам цяперашнім – праз тыя ж гады перабывання на эстрадным Алімпе. Мяркую, нічога тлумачыць не трэба – духоўны стан спевака напісаны на абліччы. Вось што робіць з людзьмі не ўзрост, а штодзённае маўленне пошласці. Між тым жа песні засталіся тыя самыя, дый новыя песні Баскава таксама някепскія. Мала таго, і сам Міколка, і маці яго, і сябры блізкія зусім не заўважаюць змяненняў у яго мілай асобе. Такі ж добры, свойскі хлопец, выдатны сын і гэтак далей…
Чытач, мабыць, ужо здагадаўся, што такую падводку мы даём для ўступлення ў беларускі літаратурны працэс. Так, творцы, якія пайшлі туды з чыстай душою і затым сталі гуляць па заганных правілах, паступова ператвараюць сваё духоўнае аблічча ў пухнаты батон. Гінуць светлыя мары, спадзяванні, намеры – і застаецца тлустым куском перад пысаю – асабістая выгада.
Правяду думку яшчэ выразней. Маладыя Дзяніс Марціновіч і Алеся Лапіцкая, паступіўшы ў холдынг “Звязда”, спакваля робяцца дэталямі, вінцікамі яе вялікасці Касты, якія бравыя савецкія лаўрэаты хвацка закручваюць і адкручваюць іржавай адвёрткаю. Зрэшты, вінцікі гэтыя раз-пораз чысцяцца і змазваюцца, бо па правілах Касты яны маюць пава на догляд. Па гэтых жа правілах сноўдае Наста Грышчук да Шніпоў на гарбату і робіць там артыкулы, а потым зусім спакойна носіць іх ці то ў “ЛіМ”, ці то ў “Дзеяслоў” – куды зажадае, на выбар. Бо галоўрэд Пятровіч не з Марса ў “Дзеяслоў” прыляцеў, а выйшаў з дарагіх “ЛіМа” і “Полымя”. Таму ён удала то закручвае, то адкручвае адвёрткай Грышчук, як вучыў, мабыць, дзядзька яго, савецкі пісьменнік Сачанка.
А пакуль галоўкі вашы, паважаная моладзь, ходзяць уверх і ўніз па разьбе, бацькі хросныя глыбока залазяць у дзяржаўны бюджэт і вышморгваюць адтуль прэміі. Дадуць і вам. Зрэшты даюць ужо. Некалькі гадоў нічога не чытаў я з творчасці Дзяніса Марціновіча і не бачыў у перыёдыцы тэкстаў яго, а вось даведваюся з сайта крытыка-праўдасека Новікава, што лаўрэат ён ужо бюджэтнай прэміі нейкай. За што? А якая хрэн розніца? Галоўнае, хто яго бацька – гэты яскравы апявальнік паспяховых дзяржаўных людзей, а ў побыце пахмурна замкнёны Алесь Марціновіч.
Вось так ствараецца дастойная змена наглядчыкаў за беларускай літаратураю. Але мізарнее яна год ад года. Дзядоў была сотня, а сыноў паўсотні. А ўнукаў будзе чалавек дзесяць. Што ж так? А таму што фінансаванне, спадарства, не коласаўскіх часоў. Усё ад фінансавання дзяржавы залежыць. Захацела дзяржава – і пабудавала колісь у цэнтры галоднага Менска асабняк для песняра. Захацела – і зрабіла шэраг “народных”. Зажадала – і будзеце іх вывучаць і маліцца на іх. А скончацца грошы, ці прыйдзе які іншы капрыз – не дзесяць наглядчыкаў стане за літаратураю, а тры чалавекі чыноўнікаў. У прынцыпе, дастаткова. А навошта, дарэчы, народу нацыянальная літаратура, калі нават філфакаўцы, адбубнеўшы ўрок, праз секунду бягуць на вуліцу жыць і гарэзаваць па-руску? Не патрэбная яна. Хіба што як жупел, які дастаюць калі трэба паказаць сваю самасць.
Так што літаратура савецкая беларуская пад кіраўніцтвам “народных” нашых, раскошна пажыўшы ў санаторыях і дамах творчасці, не пакінула вам, літаратары трэцяга тысячагоддзя, практычна нічога. Голая ляда. І вам прыйдзецца амаль з нуля пачынаць. Калі, зрэшты, не жадаеце трывала захінуцца зямлёю, як савецкія літаратары. Дзе тыя лімаўскія ганарары, калі за апавяданне можна было сям’ю на лета ў Крым везці? Дзе кнігі мнагатонныя? Чаму пыляцца ў замкнёных сховішчах, або спальваюцца на дачах унукамі?
У поўнай прастрацыі цяпер холдынг “Звязда”. Бо адной з яго функцый як быццам ёсць узнаўленне працэсу літаратурнага, стварэнне новых класікаў як арыенціраў на будучыню. Афіцыйная ж літаратура займаецца па смерці БССР, 25 гадоў запар, толькі тым, што глыбінна аналізуе савецкіх майстроў пяра, як там Ганна кабылам хвасты круціла, або што меў на ўвазе Купала ў адным са сваіх асабістых лістоў. З пустога ў парожняе. Як зацыкліла. А час ідзе, прычым шпарчэй і шпарчэй. І соням супрацоўнікаў Літаратурнага Інстытута Акадэміі варта б заняцца сучаснай прозаю і паэзіяй, уніклівым і талковым аналізам. Ды не для ўнутранага кабінетнага карыстання – а для людзей, для сучаснасці і для будучыні. Шырока публікаваць, гэта значыць.
Інстытут гэтым павінен займацца за грошы дзяржаўныя, а не адзін Южык за бясплатна праводзіць аналітыку перыёдыкі. Колькі чытаю “ЛіМ”, адзін толькі раз за 20 гадоў бачыў, як была разабрана нядаўняя вершаваная публікацыя – Ігарам Запрудскім, дый тое, падазраю, паэтка яго студэнткай была. Гэты пачын захліпнуўся на старце. І пачалося зноў кабінетнае павучынае варушэнне – дзяржпрэміі сакратарам і чыноўнікам, дзяржкнігі па 5–7 у год тых жа сакратароў. Цішком так. Толькі і даведаешся на сайце крытыка-праўдасека Новікава. А мяркуючы, па “ЛіМе”, па “Полымі” – усе сябры СПБ у нас роўныя, усе няшчасныя. Усе, ды не ўсе. Эгаістычна смокчуць сваю кармушку многія. І абуджаюцца толькі тады, калі вывалачаш на свет Божы іх творы і пакрытыкуеш па ўсёй справядлівасці. Тады – галас і лямант!
А Міхась Пазнякоў, старшыня МГА СПБ, наогул праявіў цуды аператыўнасці. Пры канцы студзеня 2015 года з’явілася рубрыка “ЛіМаразм”, а ўжо 17 сакавіка таго ж года Пазнякоў управіўся сабраць сходку, запалохаць чальцоў і галасаваннем выпхнуць Южыка з СПБ. Прычына? Крытыка працы Пазнякова як чыноўніка, безумоўна. А галоўнае – крытыка яго нямоглых твораў, я якімі ён пры адсутнасці крытыкі пачаў не толькі завальваць дзяржвыданні, але і расхрабрыўся рабіць сябе будучым класікам. Для чаго моцна здружыўся са знаўцам літаратуры акадэмікам Гніламёдавым. А той рад старацца. Пісаць не мяхі цягаць. Пра ўсё гэта было нязмыўна ўказана ў першых выпусках рубрыкі.
Каста пачынае смялець і звярэць не толькі калі варушыш яе, але найбольш тады, калі яна пад покрывам ночы. І таму знаны івацэвіцкі дзялок, выведаўшы сваю выгаду ў СБП недзяржаўным, прыдумляе і агалошвае фальшывую прычыну сыходу з дзяржаўнага саюза: нейкая там несправядлівасць, у лепшых пачуццях яго абразілі! Насамрэч жа было наступнае: падлеткавы літаратар зажадаў перайсці ў стан дарослага, таму зляпаў пару “сур’ёзных” твораў і рынуўся ў наступ на “Полымя”. Адкуль быў вытураны Мятліцкім за бяздарнасць. А Мятліцкі тады не падпарадкоўваўся па шчаўчку пальцаў Карлюкевічу, які, да слова, стварыў івацэвіцкаму гаваруну райскія ўмовы для друку ў “Маладосці”, холдынгу і нават у “Мастацкай літаратуры”. Смяротна абражаны ў “дарослых” амбіцыях, правінцыйны пустаслоў усіх абхітрыў: пакрыўджана і крыкліва звольніўся з СПБ ды шуснуў у СБП, дзе загадзя абгаварыў магчымасць спансіравання яго “дарослай” літаратуры і друкавання ў самім “Дзеяслове”. Бо з раманістаў там адна Рублеўская застался, астатнія счаўрэлі без крытыкі. Але, апляваўшы СПБ, дзялок наш ухітрыўся захаваць “сяброўскія” адносіны з Карлюкевічам! – і цяпер літаральна завальвае холдынг рукапісамі, нібыта ён па-ранейшаму сябар СПБ. У выніку сядзіць задніцай на двух крэслах, замучыў кнігарні і бібліятэкі сваімі опусамі і звязанымі з імі выступамі, дзе бязбожна марочыць недасведчаных чытачоў.
І ўсё б добра было малайцу, каб не існавала незалежнай аналітыкі ў беларускай літаратуры, гэтага “падлючага” Южыка. У выніку, паводле маральных і эстэтычных правілаў рубрыкі, івацэвіцкі прайдзісвет пазначаны меткаю “перабежчык”. Таму мы як бы не зважаем на колькасць і дыхтоўнасць яго фаліянтаў, а бяром голы тэкст і разглядаем строга, нібыта не ведаючы ні пра што. І вось з гэтага аналізу выходзіць як бы не зусім ухвальнае, як бы памылкі дзіцячыя год за годам робіць нячулы да крытыкі літаратар. У выніку з тымі дзікімі ляпсусамі ён уводзіцца ў аналітычную сістэму літаратурнай Беларусі. Паколькі чытэльнасць “ЛіМаразма” ў разы большая, чым літаратурнай часткі сайта “Звязда”, то праслаўленаму празаіку двух саюзаў робіцца неяк няўтульна. І ён, як патрывожаны крот, пачынае вішчаць і пішчаць, зазываючы на падмогу астатніх кратоў.
Гэта, дарагі чытач, адзін эпізод, каб паказаць мэтазгоднасць праробленай намі працы. Ну здавалася б, ёсць у цябе фаліянты і руканне з самімі Карлюкевічам, Галубовічам, Пятровічам – не зважай жа на прыватны блог “падлючага” чалавека! Зважае. Трывожыцца. Бо ведае: самі па сабе фаліянты – туфта, згінуць, як і ўся савецкая літаратура навекі. Важна ўвайсці ў аналітычную сістэму, якая апіша для будучыні беларускі літаратурны працэс. І ўвайсці не з пазнакаю шасцёркі ды перабежчыка, а – самавітага дарослага літаратара, правадніка прагрэсіўных ідэй, строгага і справядлівага настаўніка юнакоў і падлеткаў, выкшталцонага майстра народнай мовы нарэшце. Чаго пакуль што няма.