Руская сцяна
...Узнікае такое адчуванне, быццам ідзеш-ідзеш – і ўтыкаешся ў сцяну. Рускую сцяну, за якой рускі свет, дзе вароты зачыненыя і ніхто не адамкне іх для цябе з прычыны твайго іншабачання.
Колькі не грукайся – не прайсці. I сцяна рускага свету стаіць тут, на нашай беларускай зямлі! Хоць і зразумелая з гістарычнага гледзішча сітуацыя, а ўсё ж парадаксальная...
На нашым канале СТВ натыкаемся і глядзім з жонкай расійскую тэлеперадачу аб «Тытаніку» і яго пагібелі. Цікава. Але ў выніку да якіх высноў прыходзяць аўтары? Аказваецца, «Тытанік» змайстравалі толькі дзеля таго, каб ён адразу затануў. Каб прыпыніць тэхнічны прагрэс, які набіраў сілу. Гэтак вырашылі моцныя свету гэтага – Ракфелеры, Морганы, Форды і ўсе астатнія да іх падобныя члены Гейдэльбергскага клуба. Масонская змова, словам. I, зразумела, найперш накіраваная супраць Расіі, якая на пачатку дваццатага стагоддзя набірала моцу. Бач ты, нават самы вялікі карабель будавалі, каб знішчыць Расію!
У народную свядомасць актыўна прасоўваецца і ўкараняецца псіхалогія ахвяры. Бачыце, колькі ворагаў усюды, яны былі і ёсць заўсёды, мы ахвяры, нам трэба змагацца з гэтымі ворагамі. Таму і чапляюцца яны за перамогу ў далёкай ужо вайне, крычаць: «Мы перамаглі!» Толькі акрамя крыку больш нічога няма. Па-за крыкам адчуваюць сябе ахвярай. I вось тут прыходзіць думка: рускі свет – свет ахвяры. Калі наўкола ворагі, калі іх паўсюдна шукаюць, значыць, суб'ект такой палітыкі – ахвяра. А ў ахвяры аніякай пазітыўнай матывацыі няма. Навошта імкнуцца некуды і працаваць, калі паўсюль ворагі? Найпершая задача – іх перамагаць. Але перамагчы не ўдаецца. Ваенная моц быццам ёсць, а вось псіхалагічнай бракуе, нягледзячы на стогны аб сваёй выключнасці.
Яшчэ адзін псіхалагічны аспект ахвяры – ніколі не каяцца, што б ты ні зрабіў. Знішчылі ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя ўвесь цвет беларускай інтэлігенцыі – дык гэта так і трэба, каб забыліся на сваю Беларусь. У чым тут каяцца найбольш духоўнаму народу свету, які лічыць сябе спадкаемцам вялікай савецкай імперыі? Ён сам ахвяра з гледзішча знешніх ворагаў.
Таму і не хочацца ў той рускі свет, бо не хочацца быць ахвярай, а рупіць быць пераможцам. Самому жыць нармальна, а не вучыць іншых, як нармальна жыць. Але псіхалогія пераможцы – таксама справа тонкая. Як не дзіўна, яна грунтуецца не на тым, што твая краіна можа зброяй знішчыць цэлы свет, а якраз на жыццёвым падмурку: калі ты сам жывеш добра і ўпэўнены ў будучым сваіх дзяцей. А што там у навакольным свеце – цябе ў бальшыні выпадкаў мала абыходзіць. Як паспалітых людзей у паспяховых краінах. Яны проста працуюць і жывуць.
Мне бліжэй псіхалогія пераможцы. Так і стараюся сябе пачуваць, нягледзячы на тое, што ты як беларус за сваю драматычную гісторыю сам у шмат якіх выпадках быў ахвярай. Ну, быў, а сёння ты пераможца! Найперш таму, што ў цябе ёсць свая краіна Беларусь, у цябе ёсць будучыня. За гэты канчатковы вынік мы заплацілі шматлікімі ахвярамі, але перамаглі. I не зброяй, а духам.
...У Савецкім Саюзе ўсе размаўлялі на рускай мове. Але гэта не называлася «рускім светам». Нас заклікалі горда называцца «савецкім народам». Гэта сёння ўсходняя суседка кажа, што мы жылі ў рускім свеце – і аб гэтым трэба памятаць, гэта трэба захоўваць і нікуды не імкнуцца ад рускага свету ўцячы. Абсалютна не разумеючы, што сёння ў кожнага свой дом, кожны ўлад-коўвае свае жыццё самастойна, па сваёй (а не савецкай ці расійскай) ментальнасці, у тым ліку і ў моўным пытанні.
Акром усяго іншага, чалавеку ўласціва шукаць сваю выгаду. Вось і я думаю: а што мне з таго рускага свету, у якім мяне спрабуюць трымаць, лічаць, што я павінен там быць неад'емна? I не знаходжу нічога. Бо нічога майго беларускага спрадвечнага і гістарычнага ў тым рускім свеце няма і не прымаецца, бо маю родную мову там і за мову не лічаць, і маю дзяржаву лічаць недарэчнасцю. Апусцімся да зразумелага. З Расіі за час існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь не фундавалася ніводная кніга на беларускай мове. А з польскага боку, да прыкладу, – не пералічыць. Палякі мудрэйшыя. Не толькі кнігі фундуюць, a і яшчэ шмат іншага, нават калі яны і лічаць нашу беларускую тэрыторыю сваёй. Бо сваіх мэтаў можна дасягнуць рознымі спосабамі. А ў выпадку з усходняй суседкай – адна толькі непрыхаваная агрэсія.
Рускі свет – найперш свет імперскі, што само па сабе ўжо агрэсіўна. Агрэсія ніколі не накіравана ўнутр, заўсёды вонкі. Каб жа яны ўнутры ў Расіі ўсталёўвалі свой свет як арганізацыю годнага жыцця, высокіх тэхналогіяў, сацыяльнай прывабнасці, духоўнасці. Не, тут, дома, мы можам жыць абы як, а вось звонку ўсе павінны быць у коле нашага свету. А хто не хоча, прымусім сілай.
Але што такое рускі свет? У гэтым свеце аб агрэсіі ніхто не кажа, ілгуць проста ў вочы, таўкуць аб нейкай духоўнай выключнасці. А дзе яна? Для мяне найпершая і найвысокая праява духоўнасці – пакаянне. Пакаяння ў нашых усходніх суседзяў я не бачу зусім. За сталінскія рэпрэсіі, за загінулых на вайне, за тое, што ў 30-я была вынішчана беларуская інтэлігенцыя, калі гаварыць больш лакальна і з нашага гледзішча. Немцы пакаяліся за вайну, за халакост. А тут аніяк. Наадварот, Сталіну помнікі зноў пачалі ўзводзіць, рукі якога па локаць у крыві. Як хрысціянін, я такога зразумець не магу. Не магу даўмецца, як чалавек можа заўсёды мець рацыю, быць бязгрэшным. Такога не можа быць па азначэнні чалавечай сутнасці. Аказваецца, можа, Расія – вось прыклад высокай духоўнасці. А на чым грунтуецца такая выснова – ніхто не можа растлумачыць. Проста так лічыцца з часоў «трэцяга Рыма».
Заўсёды здзіўляе, калі нас называюць нацыяналістамі. Прабачце, адказваю – я і рускую мову ведаю, і польскую, і ўкраінскую, усюды змагу паразумецца. I не лезу да суседзяў са сваім светам. У гэтым сэнсе, ды і па сутнасці, я інтэрнацыяналіст. А вы акрамя свайго «великого и могучего языка» нічога не ведаеце і не жадаеце ведаць. Хто тады з нас нацыяналіст у самым горшым значэнні гэтага слова?
Навошта мне такі рускі свет? Навошта мяне ўцягваюць у непатрэбныя чужыя праблемы (вядомы прыём), калі ў мяне сваіх цэлае бярэмя – не падняць? У мяне свая дзяржава. У мяне свой беларускі шлях. Адзіна правільны, прынамсі для мяне, бо накіраваны не на агрэсію, а на стваральнасць. Ідзём сваім шляхам, будуем свой беларускі дом, узводзім свой беларускі храм.
Уладзімір Мароз, «Літаратурная Беларусь» №1-студзень-2017