Людміла Кебіч: Год кнігі стане вялікім літаратурным святам для пісьменнікаў і чытачоў

Год кнігі стане вялікім літаратурным святам для пісьменнікаў і чытачоў. Такую думку карэспандэнту БЕЛТА выказала старшыня Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.

Паводле слоў кіраўніка абласнога аддзялення СПБ, для членаў аб’яднання святам з’яўляецца выхад кожнай кнігі. А той факт, што ў Беларусі на дзяржаўным узроўні вырашана прымаць меры па падтрымцы кнігавыдання, папулярызацыі кнігі, паслужыць яшчэ вялікім стымулам не толькі для творчай актыўнасці, але і для грамадскай работы па азнаямленню з айчыннай літаратурай чытачоў, лічыць Людміла Кебіч. Мноства цікавых мерапрыемстваў павінны прыцягнуць увагу насельніцтва і, магчыма, нанава адкрыць для кагосьці свет нацыянальнай кнігі.

Члены СПБ праводзяць работу па прапагандзе айчыннай літаратуры шмат гадоў. У асноўным за свае або спонсарскія сродкі яны выдаюць кнігі, распаўсюджваюць іх, забяспечваюць бібліятэкі райцэнтраў, сустракаюцца з чытачамі і спрабуюць азнаёміць з беларускімі аўтарамі як мага больш людзей. Сёння ўсё часцей выдавецтвы сталі браць расходы за друкаванне на сябе. Так, у мінулым годзе аўтары Гродзеншчыны выпусцілі ў свет 17 кніг. У бягучым годзе ўжо запланавана да выдання 20. Сярод іх творы дзіцячых пісьменнікаў і шэраг твораў, уключаных у спіс сацыяльна значных, будуць выпушчаны за кошт выдавецтваў.

Гродзенскія пісьменнікі пастараюцца ў Год кнігі максімальна выкарыстаць магчымасці па папулярызацыі нацыянальнай літаратуры. Чакаюцца літаратурныя паездкі, капуснікі, сустрэчы з чытачамі ў розных раёнах вобласці, творчыя вечары з нагоды юбілеяў беларускіх класікаў літаратуры і сучасных аўтараў, прэзентацыі новых кніг і інш. Аўтары плануюць прадставіць свае творы на галіновай нацыянальнай выстаўцы ў Мінску. Па вобласці Саюз пісьменнікаў у час вясенніх школьных канікулаў арганізуе свята дзіцячай кніжкі і свята паэзіі для дарослых. На фестывалі нацыянальных культур у Гродне члены Саюза правядуць арыгінальнае свята нацыянальнай паэзіі.

Паводле слоў Людмілы Кебіч, упершыню ў вобласці ў гэтым годзе аб’яўлены конкурс на лепшыя рукапісы (у ім могуць удзельнічаць усе жадаючыя). Аўтары трох найлепшых твораў атрымаюць прэміі аблвыканкама і сродкі на выданне кніг.

Рашэнне абвясціць 2012 год Годам кнігі прынята ў мэтах павышэння ролі кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, выхавання ў маладога пакалення любові да мастацкага слова, развіцця айчыннай літаратуры, забеспячэння дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнага кнігавыдання.

www.belta.by

БІЯГРАФІЯ

Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўна – 17.07.1951 года.

Нарадзілася ў г.п. Краснасельскі Гродзенскай вобласці Ваўкавыскага раёна ў сям’і настаўнікаў. Паэтэса, музычны педагог. Ганаровы член СПБ. Вучылася з 1958 па 1967г.г. у Краснасельскай СШ, адначасова – мясцовай музычнай школе па класе фартэпіяна, з 1967 па 1971 г.г. – на адзяленні тэорыі музыкі ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, з 1976 па 1981 г.г. – на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы (руская мова і літаратура). Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” па намінацыі “Пісьменнік года”- 2002 . З 2005 года – старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ.

Пачала друкавацца ў газетах “Зорька”, “Піянер Беларусі” ў 1962г. Выдала кнігі вершаў: “Па музычных законах (1996)”, “Зялёная рутвіца (2001)”, “На беразе белай ракі (2003)”, “Ключы ад Неба (2005)”,”Фиолетовый дракоша (2007)”, “Светач мастацтва (2008)”, “Непераможны колер охры (2008)”. Актыўна супрацоўнічае з беларускімі кампазітарамі ў жанры песні, сама іх выконвае. Жыве ў г.Гродна. Працуе выкладчыкам музычна-тэарытычных дысцыплін у УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў”.

 

УПЕРШЫНЮ

Упершыню па вуліцы вясновай

іду, а не лячу настрымгалоў,

і вуліца мая здаецца новай

у квецені каштанаў і садоў.

 

Упершыню ацэньваю цвяроза

каштоўнасць чалавечага быцця,

ўва мне апафеозна, грандыёзна

гучаць матывы першаадкрыцця.

 

Сады, будынкі, лавачкі і скверы –

зусім як на англійскай авеню! –

не даючы вачам уласным веры,

я адкрываю вас упершыню.

 

Перабіраю сонечныя блікі,

што пад нагамі арфаю дрыжаць.

Ах, у жанчын ужо не твары – лікі!

Як быццам ім Збавіцеляў раджаць.

 

О, колькі тут абцасікаў счасана…

Цяпер канец мільганню і нуцьбе…

Асанна, мая вуліца, Асанна! –

Я толькі сёння ўбачыла цябе.

 

НЕ ХАПАЕ НЕБА

Што для шчасця чалавеку трэба?

Ну, напэўна, тое, што і ўсім:

Хлеб каб быў, і нешта там да хлеба,

Ды радзей начальнік тармасіў.

 

Але вось сярод агульнай масы

Не знаходзіць месца чалавек,

На каўбасы танныя не ласы,

Іншага шукае спаконвек.

 

Не па ім аздобленая глеба,

Ён па цаліне ідзе, наўпрост,

Не хапае чалавеку…Неба –

Жыць прывык ён толькі навырост.

 

Як павктра, як вады, як волі,

Як дыхання любай на плячы,

Да самазабыўнасці, да болю

Не хапае неба, хоць крычы.

 

Пераемнік сонечнага Фэба,

Боскага святла нясе сувой.

Не хапае чалавеку неба?

Дык бяры, яно ж над галавой!

 

О, было каб можна неба ўкрасці! –

Расцягнулі б хутка гандляры.

Неба – для людзей інакшай масці,

Неба – гэта тое, што ўнутры.

 

Гэта, як надзённая патрэба,

Як пакутнай радасці імпэт.

Вам, мой любы, не хапае неба?

Што ж, віншую! Вы, сябрук, – паэт.

Людміла Кебіч: Год кнігі стане вялікім літаратурным святам для пісьменнікаў і чытачоў: Один комментарий

  1. Прыемна чытаць цудоўныя, цёплыя, душэўныя вершы шчырай паэткі.Сачу за паэзіяй Л.Кебіч і дзіўлюся яе таленту. Бел мова цудоўная!